Лагойскі гісторыка-краязнаўчы музей імя К. і Я. Тышкевічаў

Лагойскі гісторыка-краязнаўчы музей ствараецца ў адпаведнасці з прынятай у 1999 годзе праграмай перспектыўнага развіцця музейнай сеткі ў Мінскай вобласці.
Разумеючы аб’ектыўную неабходнасць і наяўнасць краязнаўчых музеяў у кожным раённым цэнтры, Лагойскім выканаўчым камітэтам у ліпені 2000 года было прынята рашэнне аб стварэнні музея. Але толькі ў 2003 годзе былі набраны супрацоўнікі рабочай групы музея. Перад рабочай групай узнікла вельмі многа задач. Галоўнае, што мы зыходзілі з таго, што стварацца музей павінен на адметным і цікавым матэрыяле з прымяненнем арыгінальных экспанатаў, павінен будавацца па розных прынцыпах са сваімі непаўторнымі падыходамі, каб адысці ад аднатыпнасці і абязлічанасці. Экспазіцыя музея павінна ставіць перад наведвальнікамі канкрэтную праблему, прымушаць іх задумацца над той ці іншай падзеяй ці з’явай у гісторыі, а, значыць, працаваць над сабой. Таму паўстае задача вылучыць у музейнай экспазіцыі такія тэмы, якія наібольш яскрава і выгадна вылучаюць Лагойшчыну сярод іншых рэгіёнаў Міншчыны, як мага больш дапамагаюць раскрыць своеасаблівасць рэгіёна. Пад час вывучэння навуковай літаратуры і архіўных дакументаў вызначыліся некаторыя аспекты, якія выгадна вылучаюць Лагойшчыну сярод іншых рэгіёнаў Міншчыны.
З другой паловы ХVIII ст. у Еўропе прайшла хваля па стварэнню грамадскіх і прыватных музеяў, пачалося стварэнне агульнанацыянальных музейных збораў. Першы з гэтых сховішчаў старасветчыны – Брытанскі каралеўскі музей – узнік у 1753 г. у Лондане з некалькіх прыватных калекцый. Пазней адкрыліся музеі ў Даніі, Францыі і шэрагу краін Еўропы і Амерыкі.
У Беларусі музейная справа развівалася дзякуючы энтузіязму нешматлікіх аматараў, якія рупіліся пра захаванне гістарычнай спадчыны народа. Пачыналася яна з аматараў-адзіночак, а ўжо ў сярэдзіне ХІХ ст. дасягнула арганізацыйных формаў вывучэння краю. У 1842 г. братамі Канстанцінам і Яўстафіем Тышкевічамі ў радавым маёнтку Лагойск быў адчынены адзін з першых на Беларусі гісторыка-краязнаўчы музей.
Браты Тышкевічы з самага маленства звярталі ўвагу на ўсё тое, што пакінулі на Лагойшчыне мінулыя часы. Яны збіралі самыя розныя звесткі пра сваю мясцовасць з гістарычных краніц, геаграфіі, тапанімікі, этнаграфіі, літаратуры, мастацтва, археалогіі, вывучалася вусная народная творчасць. У выніку ўсёй гэтай працы Лагойск стаў своеасаблівым цэнтрам гістарычнай і археалагічнай навукі. Іх стараннямі ствараліся арыгінальныя экспазіцыі і паступова вымалёўваўся вобраз сапраўднага музея, які па вартасці потым ацэньвалі самыя розныя госці, у тым ліку А.Кіркор, П.Шпілеўскі, І.Крашэўскі. Навуковыя кантакты пашыраліся. Вакол лагойскіх навукоўцаў групуюцца такія краязнаўцы, як І.Жаба, І.Слізень, В.Твардоўскі, К.Тышынскі, М.Чарняўскі і іншыя. Пазней Лагойскі музей (яго зборы) сталі асновай для стварэння музея старажытнасцей у Вільні. Музей у Лагойску быў адным з лепшых беларускіх прыватнаўласніцкіх музеяў таго часу. Знакаміты гісторык А.Кіркор у навуковым выданні “Живописная Россия” М.1882 г. сцвярджае: “…По числу предметов и высокому научному значению музей этот может быть сравнён только с Виленским и Краковским при Ягелонском университете”.
Сапраўды, музей меў багатую калекцыю ўнікальных рэчаў і вырабаў таго часу. Захоўвалася тут зброя, кальчугі, а таксама мундзіры часоў Айчыннай вайны 1812 г. У аддзеле мастацтваў экспаніравалася вялікая колькасць карцін і эскізаў беларускіх, рускіх, літоўскіх і польскіх мастакоў. У музеі Тышкевічаў было сабрана каля 3 тыс. унікальных старажытных помнікаў айчыннага кнігавыдання, каштоўныя рукапісы, старажытныя геаграфічныя карты.
Улічваючы ўсё вышэйсказанае, лічым справядлівым, каб новая экспазіцыя музея хоць нейкім чынам працягвала ідэю той экспазіцыі, якую рыхтавалі і ўпершыню ў Беларусі адкрылі браты Тышкевічы. І тут у нейкай ступені нават можна гаварыць не аб адкрыцці новага музея, а аб яго ўзнаўленні. Але пры пабудове новай экспазіцыі трэба захаваць нейкія прынцыпы пабудовы музеяў тых часоў, хаця ў сённяшніх умовах яны амаль не выкарыстоўваюцца (часам незаслужана).
І музей павінен насіць імя Канстанціна і Яўстафія Тышкевічаў. Усе экспанаты таго музея, на жаль, альбо былі вывезены за межы Беларусі, альбо наогул беззваротна згінулі ў ліхалецці мінулых год. І якой прыемнай нечаканасцю для супрацоўнікаў нашага музея з’явілася нядаўняя знаходка адной з кніг з бібліятэкі Тышкевічаў, уладальнік якой прыпаднясе яе нам у дар на вечарыне, прысвечанай 200-годдзю з дня нараджэння К.Тышкевіча.
Згодна навуковай канцэпцыі развіцця музея , якую распрацаваў загадчык метадычнага аддзела Мінскага абласнога краязнаўчага музея С.В.Старыкевіч, першы раздзел экспазіцыі мае назву “Музей у музеі”. У гэтым раздзеле можна будзе прасачыць усе этапы жыццёвага і навуковага шляху братоў Тышкевічаў, і як вынік іх працы – стварэнне першага ў Беларусі музея ў Лагойску, а затым і Віленскай экспазіцыі музея. Тэматычная структура дадзенага раздзела будзе выглядаць наступным чынам:
1. Гісторыя роду Тышкевічаў (герб, фотаздымкі, радаводнае дрэва і інш.)
2. Гістарычныя, археалагічныя, фальклорныя даследванні як аснова будучага музея.
3. Гісторыя стварэння музея.
4. Узнаўленне музея. Сучасныя даследванні Лагойшчыны.
Пры зборы матэрыялаў для гэтай часткі экспазіцыі намі прыкладзена нямала намаганняў. З мэтай пошуку прадстаўнікоў рода Тышкевічаў і наладжвання з імі сувязей навуковыя супрацоўнікі разам з начальнікам аддзела культуры Н.І.Пятроўскай наведалі пасольства Польшчы, дзе абяцалі дапамогу, і прадстаўніцтва ААН у Мінску. Наладжана перапіска з Нацыянальнай бібліятэкай у Варшаве, бібліятэкай імя Асалінскіх у Вроцлаве, архівам польскай Акадэміі Навук. Мы атрымалі запрашэнне з нацыянальнага дзяржаўнага архіва Літвы, які знаходзіцца ў Вільнюсе, для знаёмства з фондам Тышкевічаў у колькасці 6703 адзінкі.
Асноўнай ідэяй другой часткі экспазіцыі будзе ўзнаўленне каллекцый Лагойскага музея братоў Тышкевічаў і будзе яна будавацца чыста па калекцыйнаму прынцыпу, што таксама будзе вылучаць гэтую экспазіцыю сярод ўжо існуючых.
Дадзены раздзел будзе прадстаўлен наступнымі калекцыямі: археалогія, дакументы, нумізматыка, зброя, этнаграфія, выяўленчае і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва, калекцыя цікавых рэчаў і інш.
1. Археалогія. Сучасная калекцыя будзе прадстаўлена матэрыяламі археалагічных раскопак ранне-неалітычнай стаянкі “Зацэнне”, датуемай сяр. 4-га тыс. да н.э. (археолаг М.М.Чарняўскі); матэрыяламі археалагічных раскопак гарадзішча жалезнага веку каля в.Васількоўка, датуемай 4-5 ст. н.э. (археолаг А.І.Мітрафанаў); матэрыяламі археалагічных раскопак курганнага могільніка і селішча каля в.Ізбішча, якія датуюцца 1-й пал. Х ст. (археолаг Г.В.Штыхаў); матэрыяламі археалагічных раскопак Лагойскага гарадзішча Х-ХІІІ стст. і больш позняга часу (археолаг Г.В.Штыхаў). У археалагічнай калекцыі будзе прысутнічаць і больш вузкая калекцыя “Лагойская кафля”. Гэтая калекцыя будзе пастаянна папаўняцца матэрыяламі археалагічных раскопак, якія ўжо запланавана правесці ў будучым, у прыватнасці, на месцы былога палаца Тышкевічаў каля в.Заазер’е ( ён існаваў да 1814 г.). З кіраўніцтвам вашага інстытута ўжо даўно вядуцца перамовы аб гэтым.
У фонды нашага музея ўжо паступіла частка археалагічных матэрыялаў. Так, прафесар Г.В.Штыхаў перадаў нам матэрыялы раскопак Лагойскага гарадзішча (больш за 1 тыс. экспанатаў), археолаг М.М.Чарняўскі – матэрыялы раскопак ранне-неалітычнай стаянкі “Зацэнне” (80 адзінак).
2. Дакументы. Калекцыя дакументаў будзе прадстаўлена ўзорамі ад першых, у якіх упершыню згадваецца Лагойск (“Павучэнне” старажытнарускага князя Уладзіміра Манамаха ў сувязі з ваеннымі падзеямі, якія адбываліся ў 1078 г. (муляж) і больш познімі, у ліку якіх згадваецца ў храналагічным парадку аб усіх падзеях на Лагойшчыне (купчыя, судныя дакументы, інвенары, карты і інш.).
3. Нумізматыка. Нумізматычная калекцыя была адной з самых буйных у Лагойскім музейным зборы. Лагойск у свой час з’яўляўся даволі буйным гандлёвым цэнтрам (аб чым сведчаць археалагічныя знаходкі: фрагменты амфар, гліняны посуд з высокім вузкім горлам і вялікімі ручкамі, шкляныя бранзалеты з Кіева, спражкі з Балтыі, сланцавыя грузікі для вераценаў з Валыні і інш.). У Лагойску 2 разы на тыдзень адбываліся кірмашы ( па панядзелках і чацвяргах); 3 разы ў год ( 22 мая, 19 жніўня і 19 снежня) адбываліся буйныя кірмашы, на якія з’язджаліся сяляне з памежных раёнаў. Улічваючы гэта, прапануецца калекцыю манет і папяровых грашовых знакаў паказаць разам з калекцыяй розных прыстасаванняў, якія выкарыстоўваліся ў гандлі: вагі, бязмены, гіры і інш. Гэта дазволіць больш цікава паказаць нумізматычную калекцыю, якую ў “чыстым” выглядзе даволі складана паказаць і яна даволі складана ўспрымаецца наведвальнікамі.
У фондах нашага музея налічваецца ўжо 860 адзінак манет і грашовых знакаў. Ваш калега Іоў Алег Вільгельмавіч перадаў у дар музею 13 манет (гэта соліды) і медаль 1812 г.
4. Зброя. Экспанаты па гэтай калекцыі ўмоўна можна размеркаваць па трох групах:
o Археалагічныя знаходкі ( наканечнікі стрэл, наканечнікі коп’яў, сякеры, шпоры, асобныя элементы зброі і інш.).
o Муляжы ўзбраення і амуніцыі сярэдневяковага рыцара (даспехі, мячы, шчыты, арбалеты, лук са стрэламі і г.д.).
o Зброя і асобныя часткі амуніцыі ХУІ –пач.ХХ стст.
5. Этнаграфія. Гэтую калекцыю неабходна вылучыць у экспазіцыі па той прычыне, што ўсё сваё жыццё браты Тышкевічы прысвяцілі вывучэнню быту, звычак, культуры беларусаў, што ўрэшце вылілася ў выданне навуковых прац па гэтай тэматыцы ( К.Тышкевіч “Вілія і яе берагі” у 1871 г., Я.Тышкевіч “Апісанне Барысаўскага павета…” у 1847 г.).
6. Выяўленчае і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва.Гэтая калекцыя ў асноўным будзе прадстаўлена ўзорамі абразоў, рэчаў царкоўнага ўжытку, жывапісам на гістарычную тэму і іншымі прадметамі мастацтва.
7. Калекцыя цікавых рэчаў. У свой час ў кожным прыватным зборы, у тым ліку і ў музеі Тышкевічаў у Лагойску, за гонар лічылася мець розныя экзатычныя рэчы, нешта такое, што магло здзівіць гасцей.
У гэтым раздзеле таксама будуць прысутнічаць рэчы такога накірунку, якія нейкім чынам вылучаюцца сярод іншых ці сваёй прыгажосцю, незвычайнасцю, маюць цікавую гісторыю свайго бытавання, ці проста належылі нейкай неардынарнай асобе. У нейкім сэнсе гэты раздзел можна было б назваць міні “кунсткамерай” , што зноў- такі не прымяняецца ў музейнай практыцы. Па тэматыцы гэтыя экспанаты не будуць уваходзіць ні ў адну з вышэй пералічаных калекцый, таму будуць складаць як бы самастойны раздзел, хаця і не будуць аднапрофільнымі. Храналагічныя рамкі гэтага раздзела не абмежаваныя.
Так, напрыклад, у нас ёсць ужо адзін экспанат з гэтай калекцыі. Гэта – цагліна, якая была выраблена ў ХІХ ст, з адбіткам лапы сабакі.
8. Іншыя поўныя калекцыі. У працэсе камплектавання фондаў будуць фарміравацца новыя цікавыя зборы, якія і знойдуць сваё месца ў гэтай частцы экспазіцыі. Гэта могуць быць і класічныя калекцыі марак, паштовак, значкоў ці любыя іншыя. Мы пачалі збіраць, напрыклад, калекцыю гузікаў, якая ў Беларусі не атрымала пакуль што вялікага распаўсюджвання.
Гэты раздзел будзе працаваць таксама ў выставачным варыянце, увесь час мяняць тэматыку калекцыйных падборак у адрозенне ад іншых тэм.
Трэцці раздзел экспазіцыі прысвечаны самым значным падзеям і людзям Лагойскага раёна і мае наступную тэматычную структуру:
1. Даваенны перыяд.
2. Перыяд Вялікай Айчыннай вайны 1941-1945 гг.
3. Пасляваенны перыяд і па сённяшні дзень.
Для гэтай часткі экспазіцыі у нас адведзена асобная зала, якая называецца “Падзеі і людзі”, у якой ужо працуе выстава “Нашы землякі на франтах вайны”, прымеркаваная да 60-годдзя Перамогі.
Акрамя гэтага у нас ужо зараз дзейнічае выставачная зала, у якой ладзяцца выставы калекцый іншых музеяў, камерцыйныя выставы.
Пры музеі створаны клуб “Аматараў гісторыі”, куды ўвайшлі людзі, якія зацікаўлены гісторыяй сваёй малой Радзімы, якія збіраюць помнікі даўніны. Плануем стварыць яшчэ і клуб калекцыянераў. Лепшыя калекцыі членаў клуба зоймуць сваё месца ў навуковым фондзе музея.
Гэтая работа павінна стаць працягам навуковых даследванняў нашых знакамітых землякоў – братоў Тышкевічаў. Наш музей павінен стаць тым месцам, дзе аматары гісторыі і навуковыя супрацоўнікі змаглі б рэалізаваць свой навуковы патэнцыял. Калектыў музея ( а наш штат усяго 3 чал.) прыкладвае дзеля гэтага ўсе намаганні. Аднак сутыкнуліся мы з пэўнымі цяжкасцямі: гэта наяўнасць невялікай колькасці музейных экспанатаў (асабліва па тэме “Род Тышкевічаў”), таму што іх проста немагчыма дастаткова сабраць за той невялікі час, што існуе рабочая група музея, і яшчэ многія прадметы трэба будзе набыць за пэўную плату (гэта, напраклад, зброя і амуніцыя сярэдневяковага рыцара). Таму самая галоўная праблема – адсутнасць грашовых сродкаў з бюджэта на набыццё экспанатаў.
Зыходзячы з вышэйсказанага, лічу, што на сёння асаблівая роля ў камплектаванні музейных калекцый павінна належыць, як і раней, спонсарам і проста людзям, якія нераўнадушны да спадчыны сваёй Радзімы і бескарысліва аддаюць музеям экспанаты. Пры стварэнні першай экспазіцыі свае калекцыі Віленскаму музею старажытнасцей перадалі акрамя братоў Тышкевічаў і У.Сыракомля, А.Кіркор, Ф.Багушэвіч, І.Кулакоўскі, К.Буйніцкі і інш. Экспанаты паступалі з усіх куткоў Беларусі – Мінска, Магілёва, Віцебска, Оршы, Навагрудка, Крэва, Ліды, Гродна і інш. Таму і зараз пытанне аб узнаўленні першага беларускага музея павінна стаць абавязкам і гонарам усёй Беларусі.