У "Лабірынтах часу" блукалі лагайчане і госці горада


Літаральна нядаўна, 18 мая, музейшчыкі ўсяго свету адзначалі сваё прафесійнае свята – Міжнародны дзень музеяў. І, менавіта, з гэтай нагоды на базе Лагойскага гісторыка-краязнаўчага музея імя К. і Я. Тышкевічаў 20 мая адбылося шыкоўнае мерапрыемства – “Лабірынты часу”. Свята пачалося з выступу коннага ваенна-гістарычнага клуба “Залатая шпора” пад кіраўніцтвам Паўла Калінкова. Гасцям нават давялося паспрабаваць сябе ў верхавой яздзе. Дзейства адбывалася на пляцоўцы за будынкам Цэнтра культуры, куды ўсіх гасцей ветліва запрашалі мімы, юныя тэатралы з Лагойскай СШ №1.

Другая частка мерапрыемсятва перанеслася ў памяшканне Лагойскага Цэнтра культуры, дзе ўсе госці з задавальненнем праслухалі цудоўны канцэрт, у якім прынялі ўдзел супрацоўнікі Раённага цэнтра культуры і дасуга і Лагойскай дзіцячай школы мастацтваў. Вялікую зацікаўленасць у прысутных выклікалі майстар-класы па партрэтным жывапісе і шаржы, лепцы з гліны, ткацтве паясоў і вырабе лялек-абярэгаў. Разам з тым лагайчане наведалі залы і самаго музея, дзе была магчымасць зрабіць фотаздымак нават з самім графам і паспявать песні ваенных часоў, а ў “Лаўцы даўніны” набыць для сябе рарытэтныя рэчы. А для самых маленькіх гасцей студэнтамі-валанцёрамі была арганізавана дзіцячая пляцоўка.

Дарэчы, на працягу ўсяго мерапрыемства гасцям было прапанавана пачаставацца стравамі і напоямі нацыянальнай кухні.